ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
кірунак прававой навукі, у якім права разглядаецца як прадукт рознага роду псіхал. установак, інстынктаў, эмоцый. Склалася ў пач. 20 ст. адначасова з паяўленнем псіхал. кірункаў у сацыялогіі і інш. сац. навуках. З пункту гледжання прадстаўнікоў П.ш.п., прычыны, якія абумоўліваюць існаванне і дзеянне права, карэняцца ў псіхалогіі асобы ці сац. групы, а не ў сац.-эканам. і паліт. умовах дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Адзін з пачынальнікаў П.ш.п. — франц. сацыёлаг і правазнавец Г.Тард лічыў, што ў аснове ўсіх каштоўнасцей і норм, у т. л. прававых, ляжыць інстынкт пераймання. Найб. яркім прадстаўніком П.ш.п. быў рас. юрыст Л.І.Петражыцкі. У ням. л-ры пад уплывам фрэйдызму і бергсаніянства склалася канцэпцыя «прававога пачуцця», паводле якой гал. у праве з’яўляюцца судовыя рашэнні, у аснове якіх ляжаць інтуіцыя, падсвядомыя перажыванні, глыбінныя псіхал. ўстаноўкі суддзі, а не нормы права. У 1930-я г. гэта канцэпцыя, якая, парушаючы прынцып законнасці, пашырала т.зв. «свабоднае судзейскае гледжанне», была ўспрынята ў ЗША рэалістычнай школай права.
т. 13, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)